ВЕРХНЕКАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у вярхоўях р. Калыма, у Магаданскай вобл. Расіі. Сістэма ізаляваных масіваў і кароткіх пласкаверхіх хрыбтоў. Пераважныя вышыні 1300—2000 м. Вяршыні гор купалападобныя. Паўд.-ўсх. частка адрозніваецца стромкімі схіламі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Складзена са сланцаў і пясчанікаў пермскага і трыясавага ўзросту. Радовішчы золата, волава, мінер. крыніцы. Верхнекалымскае нагор’е перасякаюць р. Аян-Юрах, Бёролёх і інш. Па далінах рэк і на схілах лістоўнічнае рэдкалессе і зараснікі кедравага сланіку, вышэй за 1200—1800 м — хмызняковая горная тундра, каменныя россыпы.
т. 4, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)